КАКО́САВЫЯ АСТРАВЫ́ (Cocos Islands),
Кілінг астравы, група з 27 нізінных каралавых астравоў на У Індыйскага ак.; тэр. Аўстраліі. Пл. 14 км². Нас. 609 чал. (1996), пераважна малайцы. Клімат трапічны. Т-ра паветра на працягу года ад 21 да 32 °C. Ападкаў каля 2180 мм за год. На в-ве Уэст-Айленд міжнар. аэрапорт, які абслугоўвае трасы з Аўстраліі ў Афрыку і Паўд. Азію. Аснова эканомікі — абслугоўванне аэрапорта, сельская гаспадарка (какосавая пальма, агародніна), рыбалоўства.
Адарыў у 1609 англ. капітан У.Кілінг (ад яго другая назва астравоў). Пастаянныя пасяленні з 1826—27. У 1857 анексіраваны Вялікабрытаніяй, у 1878 перададзены пад кіраванне ўрада брыт. ўладання Цэйлон. У 1903 уключаны ў калонію Сінгапур. У 1955 перададзены пад кіраванне Аўстраліі. У выніку рэферэндуму (крас. 1984) жыхары астравоў выказаліся за далучэнне іх да Аўстраліі. Ген. асамблея ААН у снеж. 1984 прыняла рэзалюцыю, якая зацвярджае рашэнне насельніцтва астравоў.
т. 7, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)